Красоўскі Мікалай Мікалаевіч

Сёння нам цяжка ўявіць усе жахі вайны. Мы бачым мірнае неба, яснае сонца, здаецца, так было заўсёды.

Але… вайна была. Самая жорсткая і крывавая вайна дваццатага стагоддзя.

Вайна закранула амаль кожную беларускую сям’ю. Боль і жах тых гадоў засталіся з намі ў кінафільмах, аповесцях, апавяданнях, назвах вуліц, абелісках, помніках і ўспамінах.

Мне здаецца, многія чэрвеньцы ведаюць майго прадзеда Мікалая Мікалаевіча Красоўскага. Пра яго я раскажу (са слоў бабулі па бацькоўскай лініі).

krasivski3.jpg    krasivski2.jpg

Мой прадзед нарадзіўся ў простай сялянскай сям’і ў вёсцы Дзеруцкая Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці 5 сакавіка 1928 года. У 1934 годзе ён паступіў у першы клас Дзеруцкой пачатковай школы. У 1938 - у пяты клас Вайнілаўскай сямігадовай школы, якую скончыў да пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Жудасная вестка аб нападзе фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз імгненна разнеслася па ўсіх гарадах і вёсках Беларусі. Гэта была страшэнная навіна, якая патрэсла свядомасць усіх людзей.  Вельмі хутка гэтая вестка была падмацавана рэальнымі падзеямі. Мой прадзед і яго аднагодкі ўжо хутка на свае вочы ўбачылі ваенную тэхніку Чырвонай Арміі і фашысцкай Германіі.

З вёскі ў першыя дні вайны ў Чырвоную Армію былі прызваны многія, у тым ліку і старэйшы брат прадзеда Канстанцін.

З’яўленне немцаў, пакуты, якія яны прынеслі на нашу Радзіму, жорсткасць у адносінах да ваеннапалонных і мірнага насельніцтва на акупіраванай тэрыторыі вызывалі боль і нянавісць у сэрцах і свядомасці не толькі дарослых, але і дзяцей-падлеткаў. Хутка ў сем’і аднавяскоўцаў сталі прыходзіць першыя пахаванкі  і паведамленні аб  прапаўшых бяз вестак на франтах вайны.

У лясах на тэрыторыі раёна з’яўляліся групкі байцоў, якія выконвалі заданні  Чырвонай Арміі. Мясцовае насельніцтва прымала іх у свае сем’і (ў якасці родных), потым перапраўлялі да партызан. Такім чынам мясцовае насельніцтва дапамагала чырвонаармейцам.

Нягледзячы ні на што, гераізм савецкіх людзей набыў масавы характар. Усе, дарослыя і дзеці, старыя і малыя, ўзняліся на барацьбу з ворагам.

Партыйныя і камсамольскія органы на тэрыторыі ўсёй Беларусі пачалі падпольную дзейнасць. На тэрыторыі Чэрвеньскага раёна стаў дзейнічаць падпольны райкам партыі (сакратар райкама Краўчанка) і падпольны райкам камсамола (сакратар – Плоткін). Партыйныя і камсамольскія актывісты пачалі масавую работу па стварэнню партызанскіх атрадаў і папольных груп у тыле ворага.

Бацька майго прадзеда, Мікалай Міронавіч Красоўскі, падтрымліваў сувязь з партызанамі. Ён перадаваў партызанам харчпрадукты, адзенне, збіраў і перадаваў зброю і важную інфармацыю для партызан. У лютым 1942 года ў партызанскую падпольную работу ўключыўся  ў якасці сувязнога партызанскага атрада “Чырвонае  знамя” і прадзед. Ён добра ведаў мясцовасць, усе сцяжынкі, што вялі з вёскі ў раённы цэнтр (г.Чэрвень). Ён быў падлеткам, што дазваляла яму быць непрыкметным. Прадзед вывучаў становішча, запамінаў размяшчэнне фашысцкіх пастоў, наяўнасць зброі, арганізацыю аховы розных важных аб’ектаў, а таксама  арганізоўваў непрыкметны выхад з горада важнай для партызан інфармацыі.

Прадзед паспяхова выконваў даручэнні партызан да ліпеня 1944 (да самага вызвалення Чэрвеньскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў). Прадзед быў уважлівы, асцярожны і адказны за даручаную справу. Ён казаў: “Жах пры выкананні задання адступаў на другі план, мацней было жаданне вызваліць родную зямлю ад немцаў і ўбачыць сваіх родных жывымі.”

За мужнасць і патрыятызм у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі мой прадзед быў узнагароджаны ордэнам “Айчыннай  вайны ІІ ступені", медалём і знакам  “Партызану Вялікай Айчыннай вайны”.

krasivski6.jpg   krasivski7.jpg

krasivski9.jpg

krasivski10.jpg

Пасля вайны мой прадзед працаваў у сельскім Савеце, ДГСААФ, служыў у войску, вучыўся ў БДУ імя Леніна, працаваў у райкаме камсамола, райкаме партыі, у Грабянецкай школе.

krasivski1.jpg

Хочацца дадаць, што мой прадзед Красоўскі Мікалай Мікалаевіч быў класным кіраўніком намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце нашай установы адукацыі, Апімашка Людмілы Станіславаўны. Яна казала, што мой  прадзед, працуючы  класным кіраўніком, арганізоўваў цікавыя экскурсіі і падарожжы па месцах баявой славы Беларусі. Вельмі прыемна, што мой прадзед быў частым госцем нашай піянерскай дружыны і ўстановы адукацыі. Ён расказваў вучням аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, аб мужнасці, гераізме і патрыятызме савецкіх людзей у гады ваеннага ліхалецця.

Мы, маладое пакаленне, захаваем памяць аб подзвігу нашых продкаў, будзем ганарыцца іх мужнасцю і садзейнічаць захаванню міру.

krasivski8.jpg

krasivski4.jpg

krasivski11.jpg