Рухлоў Валянцін Васільевіч

Аповед Уладзіслава Ваўчка пра прадзеда, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, Рухлова Валянціна Васільевіча

Усё далей у незваротнае мінулае адыходзіць Вялікая Айчынная вайна.

Але памяць пра яе жыве ў сэрцы кожнага, хто прайшоў праз пекла фашысцкага тэрору, хто знайшоў у сабе сілы выжыць і расказаць, што такое фашызм.

Гартаючы сямейны альбом, на адным са здымкаў я бачу Валянціна Васільевіча Рухлова. Гэта мой прадзед. Ён працаваў выкладчыкам ваеннай падрыхтоўкі ў Смілавіцкай сярэдняй школе.

ryhlov1.jpg

Ён быў невысокага росту, светлавалосы, пажылы, але бадзёры ветэран-танкіст у ваеннай форме з ордэнскімі планкамі на грудзях. Менавіта такім запомнілі яго ўсе, хто ведаў.

Я гляджу на здымак. У майго прадзеда пасівелыя скроні. Не, не пенай хваль часу пафарбаваны валасы. Шэрыя струмені дыму кастроў і палаючых машын заблыталіся ў яго па-франтавому кароткай стрыжцы.

Валянцін Васільевіч нарадзіўся 4 лістапада 1925 года ў вёсцы Заастроўе Вінаградаўскага раёна Архангельскай вобласці.

“...У тую гарачую летнюю нядзелю 1941 года мой прадзед вяртаўся з лесу. Сцяжынка праходзіла ля самага краю высокага берага Паўночнай Дзвіны. Лёгкая стомленасць, якая змешвалася з адчуваннем прыемнай цяжкасці кошыка, знямогай расцякалася па целе. Рака вабіла да сябе, але патрэбна было спяшацца дадому: маці наказвала вярнуцца да абеду.

Ён увайшоў у Заастроўе і не пазнаў яго: вуліцы былі напоўнены насцярожанай пужлівай цішынёй. Не паспеў пераступіць парог дома, як маці сустрэла бядой: “ Вайна!”.

…Хутка прадзед апынуўся ў працоўным апалчэнні…” Майму прадзеду было шаснаццаць год, калі ў люты мароз кіркай секцвёрдую, як граніт, зямлю на будаўніцтве абарончай лініі Ціхвін-Волагда. Юнакі, нягледзячы на сваю, здавалася, даросласць, усё ж такі былі яшчэ дзеці. Толькі бязмежная любоў да Радзімы, якая жыла ў сэрцы, дапамагала ім выстаяць, пераадолець цяжкасці.

У складзе 233-й стралковай дывізіі пад горадам Стары Аскол Валянцін Васільевіч упершыню прыняў баявое хрышчэнне, потым праходзіў загартоўку ў агні бітвы пад Курскам, Харкавам і Палтавай….

На адным са здымкаў мы ўбачылі В.В.Рухлова разам з маладым хлапчуком, якога тады называлі сынам палка. 

ryhlov2.jpg                                                                                                       

Валянцін Васільевіч клапаціўся пра яго, як пра сына. Гэта Леанід Іванавіч Папоў. Ён скончыў пасля вайны сярэднюю школу, Ленінградскі ўніверсітэт, абараніў дысертацыю і выкладаў гісторыю ў Мінскім сувораўскім вучылішчы, у тэхналагічным інстытуце, пасля ў Мінскім інстытуце народнай гаспадаркі. Сёння Леанід Іванавіч жыве ў Мінску, знаходзіцца на заслужаным адпачынку.

У канцы лета 1943 года разведвальна-дыверсійная група па заданні камандавання пранікла ў тыл праціўніка ў раёне Палтавы для збору звестак аб дыслакацыі войск. Групе было даручана падарваць два чыгуначныя масты.

Стаяла цёмная летняя ноч… Усякі рух, здаецца, вось-вось разарве цішыню і загубіць аперацыю. Адзін часавы ходзіць маятнікам уздоўж чыгуначнага палатна, другі – па мосце. Першага павінен зняць старэйшы сяржант Рухлоў…

Мост знішчылі, але іх заўважылі. Рухлоў цяжка паранены. Таварышы пераправілі яго за лінію фронту. Толькі праз паўгады Валянцін Васільевіч змог вярнуцца ў строй, але ў якасці механіка-вадзіцеля танка (пасля выздараўлення вучыўся ў Чалябінску на спецкурсах).

Далейшыя старонкі ваеннай біяграфіі Валянціна Васільевіча “напісаны” магутнай гарматай цяжкай самаходкі і завераны пячаткай слядоў гусеніц на дарогах ад Оршы да Балтыйскага мора. Ён вызваляў Мінск, ліквідаваў гітлераўскія войскі, якія трапілі ў Мінскі “кацёл”, граміў фашыстаў у Прыбалтыцы і ва Усходняй Прусіі, яго самаходка разбурала фарты Кенігзберга. Гвардыі старшына Рухлоў змагаўся побач з Аляксандрам Касмадзям’янскім. Быў яго сябрам.

ryhlov3.jpg

Рухлоў В.В. у першым радзе ў цэнтры

9 мая 1945 года мой прадзядуля адсвяткаваў ва Усходняй Прусіі, а пазней адбыўся эпізод, які на ўсё жыццё застаўся ў памяці, пра які не раз ён расказваў сваім дзецям.

“Быў шосты ці сёмы дзень міру. Нямецкае начальства пачало выходзіць з укрыццяў. Наша кухня размясцілася ў некалькіх метрах ад шашы, па якой натоўпамі ішлі бежанцы. Мы абедалі за сталом, наспех скалочаным з дошак. Святочны настрой нельга было перадаць словамі. Дзяліліся навінамі, абмяркоўвалі планы на будучае. І вось стала ціха, як перад боем, а сяржант Пётр Навумчык падняўся і павольна пайшоў у бок кухні. Там стаялі маладая жанчына-немка і хлопчык гадоў дзесяці, худы, жаласны. Мы ведалі, што ў Пятра ўся сям’я была расстраляна немцамі, і памяталі, з якой ярасцю ён ірваўся да граніц Германіі…

Навумчык падышоў да хлопчыка, прысеў перад ім, зазірнуў у вочы, пасля стрымана, асцярожна, быццам баючыся ашпарыцца, дакрануўся да валасоў нахіленай галоўкі, павольна ўстаў і пайшоў прэч. Вярнуўся Пётр з рэчавым мяшком. Увесь запас сухога пайка ён аддаў хлопчыку. Жанчына плакала і ўсміхалася, калі мы, па прыкладзе Пятра, уручылі ёй цэлы вузел хлеба і кансерваў”…

ryhlov4.jpg

Пасведчанне ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны

 

ryhlov5.jpg

За баявыя заслугі В.В.Рухлоў узнагароджаны ордэнам >Айчыннай вайны ІІ ступені

 

ryhlov7.jpg

Валянцін Васільевіч Рухлоў на ўроку

ryhlov8.jpg

Валянцін Васільевіч Рухлоў на ўроку