Гайдук Іван Аляксандравіч

Апавяданне самога Гайдука Івана Аляксандравіча

gaidyk-1.jpg

Нарадзіўся ў 1936 годзе (так запісалі ў дакументах).
(На самой справе ён нарадзіўся ў 1934 годзе ў вёсцы Шчыпцы Крупійскага сельсавета Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці)

Бацьку забілі ўласаўцы.

Двое дзяцей памерла да вайны, а двое (Іван і сястра Феня) жылі з маці.

gaidyk-2.jpg

Са слязьмі на вачах, з болем у сэрцы Іван Аляксандравіч  прыгадвае:

- Мне было гадоў 7-8. Разам з маці і іншымі аднавяскоўцамі  мы хаваліся ад ворагаў на балоце, ноччу грэліся ля вогнішча.  Але знайшоўся здраднік, які выдаў нас гітлераўцам.  Фашысты зрабілі аблаву, загналі нас у дом, дзе нельга было сесці, можна было толькі стаяць  і варочацца па камандзе старэйшага  мужчыны. Трымалі тры дні, потым пагналі ўсіх у Калінкавічы на чыгунку.
Падышоў немец і сказаў: “Фатэр, мутэр – на хауз, а дзяцей – у Германію”.  На самой справе, у Германію адправілі ўсіх.  Пагрузілі ў вагоны, у якіх перавозілі цялят.  У вагоны заганялі столькі людзей, што нават седзячы нельга было выцягнуць ногі, а ад духаты людзі трацілі прытомнасць. Многія паміралі, не даехаўшы да пункта назначэння. Помню, што з намі ехала жанчына, якая давала нам ваду, глядзела за намі.  З маці я не бачыўся паўтары гады.

Так мы трапілі ў канцлагер у горад Ной-Марк, дзе прайшлі каранцін. Потым нас адправілі ў канцлагер у горад Банберг. Мы з сястрой Феняй трапілі ў 105 барак. Лагер, можна сказаць, быў інтэрнацыянальны. У бараках жылі па 200  дзяцей.  Тут былі і немцы, і мадзьяры, і чэхі, і палякі, і ўкраінцы, і рускія….
Рускія, украінцы жылі ў лагеры  асобна.  Былі два баракі русічаў. Прозвішчы свае патрэбна было забыць.  Кожнаму прышылі палоску матэрыі 10х10, яна называлася  “ост”, па якой вызначалі, хто ты (рускі – р, украінец – у).  Беларусы лічыліся рускімі.
Непадалёку ад  лагера была фабрыка, дзе працавалі старэйшыя дзеці.  А мы падмяталі двор.  У лагеры панавала страшэнная антысанітарыя.  Марылі голадам, кармілі баландой.  У абед, вечарам адно і тое: бручка, турнэпс на вадзе разам з чарвямі.  Есці хацелася, таму з’ядалі ўсё, нягледзячы на чарвей.
На ўсё жыццё запомніў маленькі кавалачак хлеба з апілкамі, якія калолі ў роце, але ён быў такі жаданы, бо даваў сілы выжыць. Гэты кавалачак хлеба даваўся на тыдзень (ад суботы да суботы). Можна з’есці адразу, а можна па крошцы есці некалькі дзён. У лагеры ніхто не краў. Наадварот, дзяліліся паміж сабой.
Запомнілася, як вампір-крывасмок  устаўляе ў вену ахвяры іголку вялікага шпрыца і смокча кроў да апошняй кроплі. Дзіця становіцца белым у твары  і,  знясіленае,  бездапаможна падае на падлогу.  Тады пад’язджаў фургончык, куды грузілі хворых  і знясіленых дзяцей, і іх адвозілі. Хворых не любілі.
Назад ніхто не вяртаўся. Мы ведалі, што іх адвозілі, каб спаліць у печах крэматорыя.

Мы знали, что умрем мы не в постели,
И потому – судьбе наперекор –
Мы так неудержимо жить хотели,
Как, может, не хотели до сих пор.
Удар за ударом в висках отдается, 
Кровь в венах пульсирует в такт;
Прожить еще день лишь тому удается,
Кто смог доползти в свой барак.  
Вы вынесли голод и выжили в холоде,
Сквозь грязь, униженья прошли.
Так дай же Вам Бог!..
И, позвольте, мне голову
В поклоне склонить до земли.

С. Мальцев,    В Шалобаева

- Адзін раз, памятаю, выпаў снег. А абутак – калодкі на драўляных падэшвах. Было холадна. Таму накручвалі на ногі анучы. Адзенне, анучы забіралі ў памерлых. Хацелася жыць, хацелася вярнуцца дадому. Так як я быў у лагеры  разам з сястрой, то мы часта ўспаміналі ранейшае жыццё, прыгадвалі маму,  па якой сумавалі.
Часта нас білі плёткамі. Быў адзін фашыст, які любіў здзекавацца з дзяцей.  Канваіры адносіліся да нас па-зверску.  Нават горш, таму што звяры забіваюць, каб пракарміцца, а гэтыя забівалі, і здзекаваліся дзеля забавы.
Здаралася, уцякалі ў горад, дзе за насыпам была чыгунка, але зноў вярталіся ў лагер. І зноў нас білі, білі вельмі моцна. Тым дзецям,  якія парушалі лагерныя правы, давалі яшчэ адну нашыўку... Гэта гаварыла пра тое, што дзіця патрабуе  пільнага нагляду за ім.
…Быў звычайны дзень. Раптам пачуўся гул амерыканскіх самалётаў.  Нас сагналі ў бамбасховішча і не пускалі выйсці.  Але потым я ўбачыў, што ў дзвярах нікога няма, і мы выскачылі з бамбасховішча. Па лагеры бегалі амерыканскія  салдаты з кулямётамі.
Немцы, ведаючы, што амерыканцы  з’явіліся, каб вызваліць дзяцей, падрыхтавалі атрутныя цукеркі, шакалад, пячэнне. Памятаю, як хлопчык-чэх, з якім я сябраваў, нёс мне шакалад, які пакаштаваў сам, і не данёс. З рота ў яго пайшла пена, ён увесь стаў трэсціся і на маіх вачах памёр. Так атруцілася вельмі многа дзяцей.
Амерыканцы жылі з намі  ў лагеры  некалькі тыдняў, кармілі нас добра.
А хутка вызвалілі і маці, з якой мы сустрэліся праз паўтары гады. Цяжкімі дарогамі дабіраліся на Радзіму. Маці памерла ў 1946 годзе.
Пасля вайны мы з сястрой апынуліся ў дзіцячым доме ў Лоеве. Сястра Феня сёння жыве ва Украіне.
Хацелася набыць спецыяльнасць, таму прыехаў вучыцца ў Смілавіцкае вучылішча механізацыі. 

gaidyk-4.jpg

Пасля заканчэння яго застаўся жыць у Смілавічах, ажаніўся, пабудаваў хату.

gaidyk-5.jpg

Я і зараз жыву ў Смілавічах. Яшчэ знаходжу сілы, каб гаварыць пра гэта.

gaidyk-6.jpg

Іван Аляксандравіч славіўся ў Смілавічах  і за іх ваколіцай добрым печніком.

gaidyk-7.jpg

Узнагароджаны медалём да 50-годдзя вызвалення ад нямеца-фашысцкіх захопнікаў.

Даўно зямля залячыла свае раны. Але не загойвае свае раны памяць людская.