Суша Пётр Іларыёнавіч і Зыль Уладзімір Сяргеевіч

Аповед пра прадзедаў Зыль Аліны, вучаніцы 4 класа, члена ГА “БРПА”.

Калі я была маленькая, то вельмі любіла слухаць бабуліны дзівосныя казкі. Расказвала бабуля мне, калі я падрасла, і пра іншае, пра сваё жыццё і жыццё наогул. Асабліва запомніўся мне аповед пра жыццёвы шлях маіх прадзедаў ў час, калі пачалася Вялікая Айчыная вайна.

Вось што яна мне расказала пра лёс прадзеда Сушы Пятра Іларыёнавіча:

“Вайна змяніла лёс многіх людзей. Мае бацькі – не выключэнне. Мой тата, Суша Пётр Іларыёнавіч, які нарадзіўся ў 1911 годзе, да вайны жыў у вёсцы Праходка. У яго была сям’я: жонка і трое дзяцей. Калі пачалася вайна, мой тата пайшоў у партызаны, а сям’я заставалася ў вёсцы. У 1943 годзе, калі немцы адступалі, яны выразалі сям’ю майго таты, не пашкадавалі нават малых дзяцей. Таму тата не вельмі любіў расказваць аб тым, як ён ваяваў у партызанах.
Мая мама, Суша Антаніна Сямёнаўна, нарадзілася ў 1918 годзе ў вёсцы Грабёнка. Пасля заканчэння педагагічнага тэхнікума яна працавала настаўніцай пачатковых класаў у вёсцы Клінок. Перад самай вайной яна выйшла замуж. Калі пачалася вайна, яе мужа мабілізавалі і ён загінуў літаральна ў першыя месяцы вайны. Мама вярнулася ў Грабёнку ў бацькоўскі дом. Яна не была ў партызанах, але выконвала некаторыя іх заданні, была сувязной.
Мой тата закончыў вайну толькі восенню 1945 года: пасля перамогі над Германіяй іх часць была накіравана на Далёкі Ўсход, у Маньчжурыю, дзе яшчэ ішла вайна з японцамі. Вярнуўся тата з Далёкага Ўсходу толькі ў лістападзе 1945 года. Уладкаваўся на работу ў вёсцы Грабёнка, дзе і сустрэў маю маму. Тут яны пражылі ўсё астатняе жыццё, выгадавалі трох сыноў і дачку. Вось так змяніла вайна лёс маіх бацькоў”.

Ці былі вы ў Мінску ў Дзяржаўым музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны? Калі былі, то, напэўна, бачылі там сярод экспанатаў самаробную гармату. Ці ведаеце вы, што гэта гармата была зроблена у нашай вёсцы?

Каб зрабіць яе, партызаны знялі з падбітых танкаў БТ-3 дзве 45-міліметровыя гарматы і адправіліся ў саўгас “Новыя Зелянкі”, дзе да вайны была добрая кузня, каб зрабіць першую партызанскую артылерыю.

Сем дзён шчыравалі маёр Карагодзін і саўгасны каваль над стварэннем партызанскай артылерыі. Ствалы, знятыя з танкаў,  замацавалі на конныя сеялкі, з якіх знялі зернепрыёмнікі і звузілі вось машыны. Адзін конь мог лёгка перамяшчаць гэту канструкцыю.

Так, у атрадзе “Іскра” ўпершыню ў Мінскай зоне была створана першая партызанская артылерыйская батарэя, камандаваць якой было даручана маёру Карагодзіну.
У стварэнні гэтай гарматы прымаў удзел і мой прадзед – Зыль Уладзімір Сяргеевіч, які ў той час быў памочнікам каваля. Яму было ўсяго 16 гадоў.

Мне таксама расказалі аб тым, як мой прадзядуля Валодзя  разам з маці дапамог маёру Карагодзіну і яго таварышу Дзярабіну выратавацца ад фашыстаў, пасля чаго яго забралі ў партызанскі атрад “Іскра” брыгады “Разгром”, дзе ён ваяваў да вызвалення Беларусі. Гэты эпізод апісаны ў кнізе У.Зяленскага “В боях испытанные”.
Мой прадзед Зыль Уладзімір Сяргеевіч не толькі быў добрасумленным, адважным партызанам, але і добрым, чулым чалавекам. Не раз юны партызан адлічаўся ў баях, за што быў ўзнагароджаны ордэнам “Айчынай вайны 2-й ступені”, медалём “За боевые заслуги”.
Былыя партызаны, якія збіраліся на традыцыйныя сустрэчы да Дня Перамогі, фатаграфаваліся на памяць каля гэтай гарматы, успаміналі тыя поўныя выпрабаванняў і гора гады, сваіх баявых сяброў, якія не дажылі да светлага дня Перамогі або памерлі ўжо пасля вайны ад перанесеных ран.

Пасля вайны партызаны брыгады “Разгром” штогод збіраліся на традыцыйную сустрэчу ў Сакалах, што на рацы Уша непадалёку ад вёскі Рудня. Там ў 1966 годзе ўпершыню за пасляваенныя годы сустрэліся былы маёр Карагодзін А.В. і былы юны партызан Зыль У.С., які стаў лепшым трактарыстам саўгаса “Новыя Зелянкі”. З кожным годам ветэранаў становіцца ўсё меней і меней. Дык няхай гэта гармата напамінае нам, нашчадкам, якія не зведалі жахаў вайны, што нельга дапусціць, каб на нашай шматпакутнай зямлі калі-небудзь грымелі выбухі і лілася кроў. Хай заўсёды свеціць яркае сонейка, ззяюць усмешкі дзетвары і будзе мір на ўсёй планеце.

Зыль Уладзімір Сяргеевіч, мой прадзед, юны партызан атрада “Іскра”.

Першая партызанская гармата, створаная ў в.Новыя Зелянкі, камандаваць якой было даручана маёру Карагодзіну.

zylY-3.jpg

zylY-4.jpg

У 1966 годзе ўпершыню за пасляваенныя гады сустрэліся былы маёр Карагодзін А.В. і былы юны партызан Зыль У.С., які стаў лепшым трактарыстам саўгаса “Новыя Зелянкі”.

Узнагароды майго прадзеда Зыля У.С., якія зноходзяцца ў школьным краязнаўчым музеі.

zylY-5.jpg