Шуканоў Уладзімір Міхайлавіч

Успамін праўнучкі, Шукановай Дар’і Аляксандраўны, вучаніцы 4 класа ДУА "Вучэбна-педагагічны комплекс Лядзенскі дзіцячы сад-сярэдняя школа"

У сям’і майго дзядулі, Шуканова Уладзіміра Міхайлавіча, які пражывае ў вёсцы Прамень, беражна захоўваецца невялічкі дакумент. Гэта ўсяго адна старонка са звычайнага сшытка. Раней, калі я была маленькай, мне гэты лісток у рукі не давалі, каб не парвала. А зараз палічылі, што я ўжо дарослая і мне дазволілі патрымаць і прачытаць гэты лісток. У мяне ўзнікла вельмі шмат пытанняў. Мы запісалі гэтыя пытанні, потым сталі шукаць адказы на іх. У гэтым мне дапамагалі мае дзядуля і бабуля, тата і мама, мая настаўніца і настаўнік гісторыі нашай школы.

>Боевая и политическая характеристика на партизана отряда 754-й кав. бригады им. Сталина Шикунова Михаила Иосифовича 

 shykanov2.jpg

З характарыстыкі бачна, што Шуканоў Міхаіл Іосіфавіч нарадзіўся далёка ад Беларусі. Яго Радзімай з’яўляецца вёска Мароніна Клюшнікаўскага сельсавета Каўроўскага раёна Іванаўскай вобласці ў Расіі. Як жа ён трапіў да нас у Беларусь? Адказ на гэтае пытанне нам даў яшчэ адзін дакумент - “Чырвонаармейская кніжка”. У ёй маюцца звесткі, што 8 верасня 1939 г. Міхаіл Шуканоў быў прызваны на службу ў Чырвоную Армію. У гэты час яму споўнілася 25 гадоў. Служыць ён быў накіраваны ў 436 стралковы полк 55-й стралковай дывізіі. Нам дапамаглі знайсці, дзе знаходзіўся гэты полк у перадваенныя гады. Полк і дывізія былі размешчаны на тэрыторыі Беларусі. Вось такім чынам Міхаіл Іосіфавіч трапіў на нашу беларускую зямлю ў перадваенныя гады.

Ёсць звесткі, што Міхаіл Шуканоў лічыўся радавым 436-га стралковага палка да 20 снежня 1941 г., з гэтай жа даты лічыцца партызанам атрада імя Сталіна. Гэта азначае, што у пачатку вайны полк, у якім служыў Міхаіл Іосіфавіч, трапіў у акружэннне фашысцкіх войск. Разам з таварышамі ён адыходзіўь на ўсход. Так апынуўся ў нашых лясах. У гэты час, у канцы 1941 года, у лесе паблізу ад вёскі Ляды, які называецца Расоха, узнік партызанскі атрад імя Сталіна. У гэты атрад і ўступіў мой прадзед.

У “Чырвонаармейскай кніжцы” сказана, што Міхаіл Іосіфавіч 20 снежня 1941 года стаў партызанам атрада імя Сталіна. У характарыстыцы гаворыцца, што ён стаў партызанам 754-га атрада 8 жніўня 1942 г Дзе тут праўда? Мы знайшлі адказ і на гэтыя пытанні. Аказваецца, што атрад, у якім знаходзіўся Міхаіл Шуканоў, спачатку быў невялікай групай. У яе ўваходзілі воіны Чырвонай Арміі, якія трапілі ў акружэнне. Потым гэтая група вырасла і стала называцца партызанскім атрадам імя Сталіна. У 1942 годзе гэты атрад атрымаў новую назву – 754-ты. Гэта было зроблена таму, што была створана партызанская брыгада імя Сталіна. Часткай гэтай брыгады стаў атрад 754-ты.

У гады Вялікай Айчыннай вайны колькасць людзей, якія ішлі ў партызаны, расла з кожным годам. Людзі жадалі дапамагчы атрымаць перамогу над ворагам. Партызанскія атрады раслі. Павялічвалася і колькасць атрадаў. У 1942 г. было вырашана аб’ядноўваць партызанскія атрады, якія ваююць у адной мясцовасці, у брыгады. У брыгадзе было адзінае камандаванне. Атрады брыгады разам наносілі ўдары па звахопніках. Міхаіл Іосіфавіч быў партызанам 12-й кавалерыйскай брыгады імя Сталіна. Брыгада складалася з некалькіх атрадаў: 754-ты, 755-ты, 756-ты. Гэтая брыгада называлася кавалерыйскай таму, што яе партызаны ваявалі на конях. Яны былі кавалерыстамі, гэта значыць коннікамі. Партызаны-кавалерысты маглі хутка перамяшчацца. Яны нечакана маглі напасці на ворагаў і так жа хутка адыйсці.

Камандзірам партызанскага атрада імя Сталіна быў Уладзімір Андрэевіч Ціхаміраў. Гэта вельмі цікавы і славуты чалавек. Ваяваць пад яго камандаваннем было вялікім гонарам. Нездарма партызан яго атрада называлі Ціхаміраўцы. У біяграфіі майго прадзеда і Уладзіміра Ціхамірава ёсць падобнае. Ціхаміраў таксама нарадзіўся ў Расіі. Як і мой прадзед, ён быў у Чырвонай Арміі яшчэ да пачатку вайны. Толькі мой прадзед быў радавым стралком, а Уладзімір Ціхаміраў закончыў ваеннае вучылішча. Ён быў афіцэрам. Вайну Ціхаміраў таксама сустрэў на беларускай зямлі. Ён таксама трапіў у акружэнне і разам з таварышамі прыйшоў у нашы лясы. Тут Ціхаміраў стаў камандзірам атрада імя Сталіна, а потым камандзірам брыгады.

           shykanov1.jpg