Бабіч Георгій Георгіевіч

Успаміны настаўніка гісторыі Лядзенскай школы Бабіча Георгія Георгіевіча пра бацьку, Бабіча Георгія Канстанцінавіча, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны.

 babich1.jpg

Я з таго пакалення, якое не зведала жахаў вайны. Маё пакаленне нарадзілася праз дзесятак гадоў пасля Перамогі. Аднак вайна не была для нас проста словам, нейкай далёкай падзеяй. Яна была блізка, мы адчувалі недзе побач яе дыханне, яна закранала наша штодзённае жыццё. Хлапчукамі, гуляючы ў вайну, мы надзявалі сапраўдныя нямецкія або “нашы” каскі, мяняліся штыкамі або часткамі сапраўднай зброі. Летам, ідучы па грыбы або ягады ў лес на Расоху, мы звычайна не бралі з сабой вады, ведаючы, што ад смагі нас выручаць партызанскія калодзежы. Вада ў гэтых калодзежах была на першы погляд цёмная, а на справе - чыстая, празрыстая, халодная.  Але больш за ўсё мы чулі пра вайну ад сваіх бацькоў, суседзяў, аднавяскоўцаў. Толькі на маёй  вуліцы  ў цэнтры  вёскі Ляды мелася ў тыя гады 16 дамоў і праз кожны дом, праз кожную сям’ю прайшла вайна - 11 удзельнікаў вайны, удовы, загінуўшыя бацькі, сыны, браты …Калі часам нашы бацькі збіраліся ў каго-небудзь “за чаркай” , то мы ведалі, што хутка гаворка абавязкова пяройдзе на ваенныя ўспаміны, і наслухаліся мы іх шмат. Вясной, на дзень Перамогі,  або летам, на Дзень вызвалення Беларусі,  ветэраны надзявалі свае ўзнагароды і збіраліся на мітынг, або ехалі на “маёўку” на Расоху. Дарэчы, выязджала святкаваць тады  амаль уся вёска, заставаліся толькі самыя старыя і самыя малыя. Слухалі выступленні ветэранаў, глядзелі канцэрт, гулялі і спявалі самі. Аднойчы, ў час такога свята,  я па сваёй дзіцячай дурасці спытаў свайго бацьку: “Чаму ў цябе няма ордэнаў ды медалёў, ты ж таксама ваяваў?” На што ён мне адказаў: “У кожнага была свая вайна сынок, яна кожнага ўзнагародзіла па-свойму.”  Да вайны ён быў звычайным вясковым хлопцам. Нарадзіўся 1 мая 1923 г. У дакументах зрабілі запіс - Бабіч Георгій Канстанцінавіч, аднак і бацькі, і ўсе астатнія заўсёды звалі яго проста Юрка. У 1941 г., калі пачалася вайна, яму было 18 гадоў, узрост яшчэ не прызыўны.  Ужо летам 1941 г. ў лясах побач з вёскай з’явіліся першыя партызанскія групы, якія потым выраслі ў атрады – 210-ты  Каралёва М.П. і 752-гі  Ціхамірава У.А. Зімой 1941-1942 г.  у гэтыя атрады пайшлі і першыя аднавяскоўцы. Ішлі, ў асноўным, у бліжэйшы атрад “Караля”, які знаходзіўся ў лясным урочышчы Расоха-2. Хацеў пайсці ў атрад і бацька, аднак была адна перашкода – яго маці,  якая вельмі баялася  адпусціць сына  ў партызаны.  І тады з сябрамі, якія ўжо былі ў атрадзе, прыдумалі выхад з гэтага становішча. Вечарам 1 мая 1942 г. некалькі партызан прыйшлі ў дом і сказалі маці: “Вашаму сыну сёння споўнілася 19 гадоў. Прызыўны ўзрост. Так што мы прызываем яго да сябе ў атрад.” Так у 210-м атрадзе “Караля” з’явіўся новы радавы партызан. Калі бацька потым успамінаў пра партызанскія гады, то часцей за ўсё расказваў пра сяброў, такіх жа маладых, як і ён у той час. Часта гучалі прозвішчы Кунько,  Валодзі, Марка, Рымы – сапраўдных любімцаў усяго атрада. Ад бацькі я пачуў і пра яго аднагодак -  Няхая Юрку, які загінуў у час “рэйкавай вайны” ў жніўні 1943г., і пра Андрыевіча Мікалая, які загінуў пры падрыве варожага эшалона ў лютым 1944г. Аднак часцей за ўсё бацька, як і іншыя нашы партызаны, ўспаміналі блакаду ў студзені 1943 г.
Моцныя марозы, глыбокі снег, абстрэлы  лесу з гармат, бамбёжка з самалётаў, акружэнне партызан  вялікімі фашысцкімі сіламі з усіх бакоў – у такіх умовах прыйшлося з боем прабівацца з акружэння. Гэта потым я даведаўся, што гэта была нямецкая карная аперацыя “Франц”, адна з буйнейшых падобных аперацый у Беларусі. Партызаны здолелі вырвацца  з блакады. Раззлаваныя фашысты 9 студзеня  спалілі разам з жыхарамі вёску Макаўе. У  той жа дзень яны  расправіліся, кінуўшы ў калодзеж, зпартызанскімі сем’ямі ў вёсцы Ляды. У асноўным, гэта былі старыя, жанчыны, дзеці. Самаму малодшаму было ўсяго 14 дзён. А маці нездарма не хацела адпускаць сына ў партызаны. Яна баялася за жыццё сына, а  атрымалася наадварот. У час той жа студзеньскай блакады, калі над вёскай з’явіўся фашысцкі самалёт, маці схавалася ў вырытую на агародзе зямлянку. Разам з ёй туды пабегла яе дачка з  маленькай   дзяўчынкай.  Калі пачалася вайна, яна прынесла гэтую трохгадовую дачурку на сваіх  на  плячах ажно з Украіны. Лётчык заўважыў на белым снезе, як беглі і схаваліся людзі і трапна скінуў бомбу па зямлянцы. Іх пахавалі разам - маці, дачку і ўнучку -  тры жаночыя пакаленні, якіх не стала ў адзін момант.    
Вясной 1944 г. ў  ваеннай біяграфіі бацькі пачалася новая старонка  - палон.  Маладога партызана разам з такім жа таварышам адправілі з пакетам за лінію фронта. Навошта гэта было ў 44-м годзе, калі ўжо была добра наладжана сувязь, не разумею. Аднойчы раніцай іх, спячых у стозе сена,  разбудзіў лай нямецкіх сабак. Пакет бацька  паспеў  выкінуць у балотца пад тоненькі  ранішні лядок. Потым яго таварыш паказаў, дзе гэты пакет, так што ён застаўся ў палоне недзе тут, у Беларусі. А бацька апынуўся ў Германіі. Што яму давялося перажыць за гэты  год, не пажадаеш і ворагу. Голад, здзекі, “русіш швайн”, праца абяссіленых вязняў, смерць таварышаў, якую бачылі кожны дзень і якая ўвесь час стаяла побач. Вось толькі адзін прыклад, які мне асабліва запомніўся. Вясной 1945 г., калі вайна прыйшла ўжо і на нямецкую зямлю,  палонныя  працавалі на чыгуначным вакзале ў цэнтры нямецкага горада. Здаецца, гэта быў Гамбург.  Авіяцыя саюзнікаў у гэты час наносіла па нямецкіх гарадах масіраваныя бомбавыя ўдары. Падчас гэтых налётаў зруйноўваліся адразу цэлыя гарадскія кварталы. Калі пачаўся адзін з такіх налётаў, ахоўнікі кінуліся хавацца ў бомбасховішчы, а палонныя пабеглі пад бомбы, да разбітых вагонаў. Пакуль разрываліся бомбы, можны было знайсці нейкае харчаванене і паспець яго з’есці. Голад быў мацней, за страх смерці.  Такіх эпізодаў ва ўспамінах бацькі было шмат. Аднойчы, дзесьці ў канцы 1970-х гадоў, напярэдадні Дня Перамогі, бацьку запрасілі на ўрачыстасці ў нашай школе. Было яшчэ шмат ветэранаў, кожны дзяліўся сваімі ўспамінамі. Бацьку далі слова апошняму. Зала ўжо прытамілася слухаць, нарастаў ціхі гаманок. Калі ён пачаў расказваць пра  палон, паступова ўстанавілася поўная цішыня. Калі ён закончыў аповед,  апладысментаў не было. Я ўпершыню ў жыцці бачыў, каб у школьнай зале выціралі слёзы пасля ўспамінаў ветэрана. А ён проста расказаў пра гэты  адзін год сваёй ваеннай маладосці. У маі 1945 г. ён  быў вызвалены амерыканскімі войскамі. Потым лагер для рэпатрыіраваных асоб. Напэўна, пры праверках не знайшлі ў  яго біяграфіі “цёмных плям”, бо, як значыцца ў  чырвонаармейскай кніжцы, 25 жніўня 1945 г. ён быў прызваны ў Чырвоную Армію Штэмбергскім ваенкаматам. Праслужыў усяго да мая 1946 г., калі яго камісавалі па хваробе. Язва страўніка, вынік “харчавання” ў палоне.  Потым звычайны пасляваенны лёс радавога ўдзельніка вайны. Працаваў у калгасе, настаўнікам працы ў школе, загадчыкам гаспадаркі школы, кавалём ў саўгасе. Працаваць ён умеў. Я не раз чуў у  вёсцы, што ў Юркі “залатыя рукі”. Мог скласці печ, зрубіць дом, выкапаць калодзеж, асмаліць  і па-майстэрску разабраць кабанчыка. Любую вясковую  работу ён  выконваў умела. Хаця гэтае ўменне часам служыла яму не лепшым чынам – расплачваліся за дапамогу ў той час зусім не грашамі.  Я аднойчы спытаў, як жа ён усё ўмее рабіць і атрымаў адказ:” Жыццё ўсяму навучыць. Калі захочаш – зробіш!” Аднойчы ў дзяцінстве мы з сябрамі, як звычайна, гулялі ў вайну, падзяліўшыся на “немцаў” і “нашых”. Бацька доўга глядзеў на  нас, седзячы на лаўцы, а потым падазваў і сказаў: "Вы няправільна гуляеце ў вайну".  "Чаму?"- спыталі мы  і атрымалі ў адказ гісторыю, якую я запомніў на ўсё жыццё.   Дзесьці ў Германіі, вясной 1945 г.. іх, палонных, кожны дзень вадзілі на працу праз маленькі нямецкі гарадок. Канваіры з сабакамі вялі іх па цэнтру вуліцы, а збоку, на тратуарах, стаялі жыхары горада, ў асноўным жанчыны, дзеці, старыя. Чуліся праклёны, а самыя злосныя кідалі ў палонных камяні. Некаторыя так і закончылі сваё жыццё на гэтай вуліцы, збітыя камнем і дабітыя ахоўнікамі. А многіх палонных гэтая дарога выручыла ад галоднай смерці. Пад выглядам камянёў часам кідалі кавалкамі хлеба. Гэтая буханка зацвярдзелага хлеба, схаваная пад адзеннем і падзеленая вечарам у бараку, была сапраўдным падарункам лёсу.  "Дык вось хлопцы, запомніце, тыя, хто кідаў у нас каменненм – гэта былі фашысты, а тыя, хто, рызыкуючы сабой, кідаў у нас хлеб – гэта былі немцы".  Такі вось быў для нас урок ад былога вязня канцлагераў.  А яшчэ я хачу прыпомніць  партызанскую песню. Часам у гутарках, за сталом, чулася: "Юрка, запявай партызанскую!". І ён  адзін, а часам са сваёй сястрой, маёй цёткай Мар’яй, запяваў: " Нам нынче сказали  ветра с океана, что видели ночью врага". А астатнія падхоплівалі: "Вставай партизаны, вставай партизаны, нам нынче  пропела тайга..-  Мы малых детишек оставили дома, мы руки пожали братьям, мы обняли жён и пошли по знакомым, по старым таёжным тропам…". Якім бы вясёлым ні было да гэтага застолле, аднак гэтую песню спявалі заўсёды сур’ёзна, як бы ўспамінаючы штосьці сваё.  Адкуль прыйшла да нас у вёску гэтая партызанская песня, якую ведалі  і спявалі ў той час усе,   магчыма з Далёкага Ўсходу разам з  Флегантавым, надта часта ў ёй гучала слова “тайга”. Пасля вайны бацька, як і іншыя, атрымаў пасведчанні  партызана і ўдзельніка вайны, рэгулярна атрымліваў юбілейныя медалі і ордэны, хаця насіў іх вельмі рэдка. Выхад на пенсію адзначыў сабраўшы за стол  ўсю радню,  суседзяў, сяброў. Аднак  адпачыць яму давялося не доўга. Адзін тыдзень не дажыў да свайго 63-годдзя. Цяжкая хвароба страўніка. Вайна ўсё ж вярнулася па яго… Такім вось быў лёс простага сялянскага хлопца, які прыйшоў з той страшнай вайны без узнагарод.

Песня  Дальневосточных партизан

Нам нынче сказали ветра с океана,
Что видели ночью врага.
Вставай партизаны, вставай партизаны,
Нам нынче пропела тайга.
Мы малых детишек оставили дома,
Мы руки пожали братьям,
Мы обняли жён и пошли по знакомым,
По старым таёжным тропам.
И вот мы уходим глухими тропами,
Ползём, окружаем врага.
И плачет, и машет седыми ветвями,
Сестра партизана тайга.
Мы красное знамя поднимем высоко,
Да здравствует Родина-мать.
Над нашим, над Дальним советским востоком,
Знамёнам чужим не бывать.