Кузьмянкова – Серахан Марыя Андрэеўна

Успаміны дзяцінства, апаленага вайной, Кузьмянковай – Серахан Марыі Андрэеўны,  07.10.1932 года нараджэння, уражэнкі Віцебскай вобласці, Сенніцкага  раёна, м. Обаль                                          

                                                                                                                                                                                                                                    

Мой бацька, Кузьмянкоў Андрэй Сямёнавіч, 1875 года нараджэння, рускі.   У пачатку 1933 года ён прыехаў у Чэрвеньскі раён і стаў удзельнікам арганізацыі рыбнай гаспадаркі “Рыбгас “Волма” разам з жонкай Пелагеяй Нікіцічнай, 1896 года нараджэння, беларускай, уражэнкай Віцебскай вобласці, м. Обаль. Нас было чацвёра: два старэйшых браты і дзве сястры. Малодшы брат нарадзіўся тут, на тэрыторыі рыбгаса ў 1934 годзе.

Бацька займаўся рэканструкцыяй прудоў, выконваў любую даручаную яму работу ў галіне абслугоўвання гаспадаркі,  ніколі нікому пра сябе не гаварыў, баяўся, што забярэ НКУС, таму што ў часы сталінскіх рэпрэсій бацька быў старшынёй калгаса і быў вымушаны бегчы з Саратаўскай вобласці ў Беларусь. Калі пачалася вайна, мне не было яшчэ і дзевяці год.

Пачатак вайны запомніўся мне назаўсёды. Пры наступленні  немцы спалілі ўсе пабудовы. Засталося толькі тое, што яны выбралі для сваёй камендатуры. Жыхары ўцякалі, хто куды. Я памятаю, як бегла па дамбе, прыціснуўшы да сябе цёплыя бліны, а ад сям’і адстала. Бегла ў бок в. Волма (гэта паселішча мы называлі Вукачы). Нада мной ляцеў самалёт, біў кулямёт, а я то падымалася, то зноў падала на зямлю. Крычалі  людзі, ляцелі павозкі. Я  ўчапілася ў адну з іх ды крычала: «Дзядзечка, родненькі, забяры мяне, не пакідай!». Але маіх крыкаў жаху ніхто не хацеў слухаць. Па руках балюча сцебанула плётка. Я адарвала рукі і ўпала ў гразь тварам. Доўга ляжала, усё балела, здавалася, што мяне застрэлілі. Нехта падхапіў мяне, абняў і забраў з сабою. Галодная, я плакала, што згубіла ежу, якую так хавала, прыціскаючы да тахкага сэрца

У лесе мяне знайшлі родныя. Яшчэ да вайны мой старэйшы брат Павел быў у радах Чырвонай арміі і прапаў без вестак. Брат Пётр быў у Вараб’ёўскім партызанскім атрадзе (атрад называлі па прозвішчы камандзіра атрада) і калі-нікалі заглядваў у нашу зямлянку.

Мы атабарыліся ў Ізбішчах, так называлася месца жыхарства многіх сем’яў, якія ўцяклі ад немцаў. Гэта былі цесныя зямлянкі. Мы спалі на самаробных тапчанах з саломы і травы. Абжываліся, чым маглі. Падбіралі згубленае, бралі, што давалі людзі і партызаны. І калі б не наша кароўка, якая выйшла з акружэння з намі, мы памерлі б ад голаду. Калі нам даводзілася хавацца, яна выконвала ўсе нашы загады. Скажаш: “Кладзіся! Немец ідзе!”, стоіцца з намі і ляжыць, не варухнецца. Халадамі часта грэліся каля яе.

kyzmenkova1.jpg

Кузьмянкоў Андрэй Сямёнавіч і Кузьмянкова Пелагея Нікіцічна, бацькі  Кузьмянковай – Серахан Марыі Андрэеўны

kyzmenkova2.jpg


Кузьмянкова – Серахан Марыя Андрэеўна ў юнацтве…

         Мне ўспамінаецца выпадак, пасля якога мы доўга не маглі прыйсці ў сябе. Немцы часта прачосвалі лес. Мы гулялі каля сваёй зямлянкі, як раптам з’явіўся немец. Акрамя нас, малых, на пяньку гуляў з маленькай Ірынай брат Пётр, які ў зямлянцы пакінуў зброю. Першым на немца выйшаў бацька, стаў загаворваць, нешта паказваць, выйшла з зямлянкі і мама. Немец накіроўваў аўтамат то на бацьку, то на маці. Брат незаўважна праслізнуў у зямлянку, а потым выскачыў адтуль з крыкам: “Хэндэ хох!” і выстраліў. У гэтай сумяціцы мы не маглі зразумець, хто ў каго стрэліў. Мы плакалі. Бацька думаў, што немец выстраліў у маму, а мама думала, што ў бацьку. Брат стаяў, апусціўшы вінтоўку, шкадаваў, што гэта адбылося на нашых вачах. Але шчаслівы, што выратаваў сям’ю і апынуўся ў патрэбны момант ля сваёй зямлянкі.

Мы, дзеці вайны, былі заўсёды смелымі і знаходлівымі. Паміж намі былі размеркаваны абавязкі, якія мы выконвалі і ганарыліся, мы называлі сябе партызанамі. Нашы дзіцячыя гульні “у вайну” таксама былі падобныя на сапраўдныя ваенныя падзеі. Мы адбівалі свае пазіцыі, лячылі параненых. Усё, як у жыцці. На адкрытых пляцоўках гулялі мала, баяліся абстрэлаў з самалётаў. А калі нашы перайшлі ў наступленне, мы ледзь не загінулі.

Аднойчы, гуляючы, мы ўбачылі самалёт. Брат, якому было сем гадоў, падняў галаву і радасна закрычаў:” Маруська! Наш самалёт!” І раптам з самалёта па нас пачаў біць кулямёт. Пашанцавала, што нікога не зачапілі свісцячыя кулі. Больш мы так не рызыкавалі жыццём.

Голад, холад, хваробы адольвалі ўсіх нас. А калі масава пачалася часотка, то з галавы да пятак маці вымазвала нас голых у тавоце (салідоле) і трымала потым у бочцы з вадой, адмывала жудасную пахкую чэрнь.

Я была зусім кволенькай, захварэла на тыф, доўга не магла вылечыцца. Але суджана было жыць.

Ужо бліжэй да заканчэння вайны мы, гуляючы ў лесе, знайшлі нямецкі аўтамат. Я, як старэйшая, схапіла яго, падняла ўгору і націснула на курок. Аўтамат біў і не сціхаў, пакуль не закончылася абойма. Я крычала ад страху, але не апускала зброю, баялася пастраляць дзяцей, хоць яны кінуліся з жаху на зямлю. Пасля гэтага выпадку я была камандзірам нашага атрада і ўсе дзеці мне падпарадкоўваліся.

Шмат можна расказваць пра вайну. Мае апавяданні шмат у чым падобныя на тыя, якія расказваюць усе дзеці, чыё дзяцінства было апалена вайной.

Нам, старым, дарагі мір і хочацца, каб вы, маладыя, ніколі не перажылі таго, што прыйшлося перажыць нам у тыя гады.

 Беражыце гэты мір!