Казлоўскі Мікалай Васільевіч

Апавяданне унучкі, Казлоўскай Альбіны, вучаніцы 8 класа, старшыні савета піянерскай дружыны імя Аляксандры Ліневіч.

kazloyski.jpg

Грымучыя саракавыя гады… Аб гэтай пары ўжо напісаны горы кніг, шмат знята фільмаў. Здаецца, усё сказана і пераказана: і аб падзеях, і аб людзях, якія на сваіх плячах вынеслі тяжкасці перажытага. Кожная сям’я мае сувязь з падзеямі Вялікай Айчынай вайны. Маю сям’ю вайна таксама не абышла бокам.

У гады Вялікай Айчынай вайны сотні землякоў былі прызваны ў рады Чырвонай Арміі альбо пайшлі добраахвотнікамі на фронт, каб абараняць сваю Радзіму. Тыя, хто застаўся ў вёсцы, знашлі сваё месца ў партызанскіхатрадах.

На нашай зямлі вар’яцелі фашысты. Рабавалі, катавалі, палілі, але не змаглі паставіць савецкі народ на калені. Ляснымі сцежкамі, прабіраючыся праз балоты, ішлі ў атрад людзі. Іх вяла сюды лютая нянавісць да чужынцаў.

Прыйшоў тады ў партызанскі атрад дабраахвотнікам і мой дзядуля Мікалай Васільевіч Казлоўскі. А яму ішоў толькі шаснаццаты год. Але ў гэта лета ён стаў мужчынам, салдатам.

Нарадзіўся і жыў Мікалай Васільевіч у вёсцы Новыя Зелянкі Чэрвеньскага раёна. Тут ён вучыўся, тут уступіў у камсамол. Родная зямля запоўнілася квеценню садоў, стройнымі таполямі, разлівам паспеўшых хлябоў. І раптам - вайна! Мой дзядуля стаў сувязным партызанскага атрада “Іскра”. Хадзіў у разведку аж у самы гарнізон. Пад самым носам паліцыі абяззброілі канвой. Не адзін фашыст знайшоў сабе магілу ад куль маладога партызана.

Асабліва гарачым быў бой у жніўні. У партызанскім атрадзе кавалі і вастрылі зброю. Партызанская разведка данесла, што да немцаў прыбываюць новыя сілы. Час не цярпеў. Была арганізавана група ўзрыўнікоў, увайшоў у яе і Мікалай Васільевіч. Цяжка ўспомніць лік дыверсій, праведзеных на чыгунцы. Ляцелі пад адхон эшалоны з танкамі, боепрыпасамі, гаручым і з фашысцкай сілай. Аднойчы мой дзядуля са сваімі баявымі таварышамі нагрузіліся зарадамі толу, рушылі да чыгункі. На гэты раз адышлі ад лагера вельмі далёка. А раніцай заўважылі бліскучую стужку чыгункі. Цэлы дзень назіралі за дарогай, прымасціўшыся за вываратнем. Выбіралі зручны момант. Калі ў небе з’явіліся першыя зоркі, на насып папаўзлі Казлоўскі і Сомаў.

Цясаком хутка зрабілі паглыбленне, заклалі дзесяцікілаграмовую міну, устанавілі загваздку і пацягнулі ў лес шнур. Доўга чакалі. Нарэшце пачулі грукат эшалона. І калі на фоне просекі паказаўся цень паравоза, Мікалай Васільевіч пацягнуў шнур. Страшэнны выбух разарваў цемру. Вагоны ўздыбіліся, напаўзаючы адзін на адзін.

Вялікім шчасцем, цудоўнай музыкай здаліся савецкім людзям трэск, грукат і гром, якія даляцелі з месца крушэння варожага цягніка.

Трэцяга ліпеня тысяча дзевяцьсот сорак чацвёртага года прыйшла радасць -  вызваленне Беларусі. Па Ленінскаму праспекту на парадзе ў радах народных мсціўцаў прайшоў і мой дзядуля  – М.В.Казлоўскі.

Потым ён ваяваў у радах Чырвонай Арміі. Трэці Беларускі фронт. Раненне. Аперацыя. Ампуціравалі нагу. Дзевятнаццаць год, а ўжо інвалід. Вось дзе давялося сербануць гора: адчай, безнадзейнасць. Настойлівасць, перш чым апусціць рукі; выпрабуй усё, нават самыя мізэрныя магчымасці. Гэты прынцып потым здорава спатрэбіўся на жыццёвым шляху.

Пасля Мікалай Васільевіч працаваў у саўгасе “Новыя Зелянкі”. Ён узначальваў брыгаду паляводаў. Вось так ён выконваў свой абавязак перад Радзімай. Я ганаруся сваім дзядулем!