Андрыевіч Мікалай Паўлавіч

У раённай кнізе “Памяць” пра гэтага чалавека маецца толькі адзін радок. У спісе партызан, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, значыцца: Андрыевіч Мікалай Паўлавіч, 1924 года нараджэння, загінуў 26.11.1943г.(памылка, на самай справе 28.02.1944г.).

 andrievich1.jpg

 

Разам з тым, яго іменем названы вуліцы ў пасёлку Градзянка Асіповіцкага раёна і ў горадзе Асіповічы. Імя Мікалая Андрыевіча ўпамінаецца і ў зборніках дакументаў аб партызанскім руху ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: “Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны. Документы и материалы в трех томах». Т.3, стр. 77, «Комсомол Белоруссии в Великой Отечественной войне. Документы и материалы.» Мн. 1988, стр. 23. Паводле гэтых звестак, а таксама на падставе дакументаў, якія захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, пра Мікалая Андрыевіча можна расказаць наступнае:

Андрыевіч Мікалай Паўлавіч нарадзіўся ў вёсцы Каляіна Лядзенскага сельскага Савета Чэрвеньскага раёна ў 1924 г. Ужо ў верасні 1942 г. малады хлопец, камсамолец, ідзе ў партызанскі атрад. Ён становіцца радавым партызанам 210-га партызанскага атрада пад камандаваннем Каралёва Мікалая Піліпавіча. Атрад базіраваўся ва ўрочышчы Расоха-2, на мяжы Чэрвеньскага і Асіповіцкага раёнаў. У ліпені 1943 г. з 210-га атрада была выдзелена ініцыятыўная група для стварэння новага 215-га  атрада. Сакратаром камсамольскай арганізацыі гэтай групы быў Мікалай Андрыевіч.  А ў жніўні 1943 года  ён у складзе новай ініцыятыўнай групы па стварэнню яшчэ аднаго атрада – 216-га, якому потым было прысвоена званне імя П.К. Панамарэнкі. Мікалай Андрыевіч прызначаецца памочнікам камандзіра ўзвода гэтага  атрада. Адначасова ён з’яўляецца і сакратаром камсамольскай арганізацыі атрада.  У партызанскім атрадзе ён быў адным з самых маладых і актыўных. Невыпадкова Мікалая выбралі сакратаром камсамольскай арганізацыі атрада. З такімі ж як ён маладымі партызанамі-камсамольцамі Мікалай Андрыевіч  не адзін раз выконваў заданні па падрыву варожых эшалонаў на чыгунцы. На яго рахунку 4 варожыя эшалоны, 3 засады, 42 аперацыі па перабіванню рэек.  У сваіх успамінах П.К.Панамарэнка, начальнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху называе Андрыевіча Мікалая ў ліку лепшых партызан-падрыўнікоў Беларусі. 28 лютага 1944 г. Мікалай Андрыевіч загінуў пры падрыве вагожага эшалона ў раёне чыгуначнага перагона Верайцы -  Асіповічы.  Ён ахвяраваў сабой дзеля выканання баявога задання. З мінай у руках кінуўся пад колы варожага эшалона, які ішоў на фронт. За гэты подзвіг Мікалай быў пасмяротна прадстаўлены да ўзнагароды. Партызаны-ветэраны ўспаміналі, што на ўсеагульным пастраенні камандаваннем партызанскай брыгады было аб’яўлена, што Мікалай Андрыевіч пасмяротна прадстаўляецца да звання Героя Савецкага Саюза. Аднак, як бачна, нейкія прычыны перашкодзілі гэтаму. Імя маладога партызана, камсамольца, патрыёта, які ахвяраваў сваім жыццём дзеля перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі, павінна захавацца ў нашай памяці, павінна быць шырока вядома ў Чэрвеньскім раёне, ураджэнцам якога ён з’яўляецца.

 andrievich2.jpg

andrievich5.jpg